НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл. Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.

добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.

М.С.Капора.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)